Якія сцэнарыі вытрымае эканоміка Беларусі?
Афіцыйны прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2014 г. як ніколі "кансерватыўны": прагназаваны рост ВУП складае адно 3.3%. Планы эканамічных уладаў на 2014 г. таксама нязвыклыя. Афіцыйна гаворыцца пра тое, што рэальныя заробкі ў бюджэтным сектары будуць расці толькі ў выпадку, калі адбудзецца скарачэнне колькасці работнікаў. Паводле афіцыйных прагнозаў, колькасць занятых у эканоміцы зменшыцца ў 2014 г. прыкладна на 3.4% – у вялікай ступені праз "аптымізацыю" занятасці на дзяржаўных прадпрыемствах і ў бюджээтных арганізацыях. На тле такіх сур'ёзных зменаў плануецца істотна падвысіць тарыфы на камунальныя паслугі для насельніцтва. Чаму ўлады ідуць на такія захады, добра вядома. У 2013 г. дэфіцыт бягучага рахунку набыў пагрозлівыя памеры, а насельніцтва пераўтварылася ў чыстага пакупніка замежнай валюты. Каб не жорсткая грашовая і бюджэтная палітыка, што пачалі рэалізоўвацца згодна з Планам сумесных дзеянняў Урада і Нацбанка, сітуацыя на валютным рынку напрыканцы 2013 г. магла б быць нашмат больш складанай. Ці дастаткова будзе рэалізацыі ўжо агучаных намераў эканамічных уладаў, каб стабілізаваць сітуацыю ў 2014 г.? Калі так, то наколькі ўстойлівай будзе такая раўнавага?