| |
| |
Главная
>> Новости >> Як параўнаць хатнія гаспадаркі рознага складу, або карэктная ацэнка паказчыкаў адноснай беднасьці для Беларусі
|
|
Як параўнаць хатнія гаспадаркі рознага складу, або карэктная ацэнка паказчыкаў адноснай беднасьці для Беларусі
Экспэрты Дасьледчага Цэнтру ІПМ і Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Кацярына Барнукова, Аляксандр Чубрык і Глеб Шымановіч у сваім дасьледаваньні “Ацэнка параўнаўчай шкалы для беларускіх хатніх гаспадарак і яе ўплыву на асобныя сацыяльна-ўразьлівыя групы насельніцтва” зрабілі ацэнку параўнаўчай шкалы на падставе дадзеных за 2010 год, ацанілі паказчыкі адноснай беднасьці для насельніцтва ўвогуле і для асобных уразьлівых груп, і параўналі гэтыя паказчыкі з разьлікамі на падставе афіцыйнай шкалы.
|
Апошнім часам Беларусь стала ўваходзіць у лік найменш бедных краін рэгіёну – напрыклад, у 2010 годзе адно 5.2% насельніцтва мелі даходы ніжэйшыя за пражытковы мінімум, і нават у трэцім квартале, пасьля абясцэньваньня нацыянальнай валюты і падзеньня даходаў, беднасьць узрасла ўсяго да 7.8%. Але пражытковы мінімум зьяўляецца рысай так званай абсалютнай беднасьці, бо адлюстроўвае кошт жыцьцёва неабходнага кошыку тавараў і паслуг. Ён не дае ніякага ўяўленьня пра адноснае становішча чальцоў асобнай хатняй гаспадаркі ў параўнаньні зь сярэднім узроўнем жыцьця ў краіне. Тым часам у краінах Эўразьвязу, напрыклад, у якасьці рысы беднасьці выкарыстоўваецца такі паказчык як 60% ад медыяннага даходу (то бок такога даходу, больш і менш за каторы атрымлівае палова насельніцтва). Такі падыход дазваляе ацаніць адносную беднасьць, і ў выпадку Беларусі яго можна было б выкарыстоўваць у дадатак да афіцыйных ацэнак.
Але ацэнка адноснай беднасьці патрабуе дадатковага аналізу такога фэномэну як эканомія ад масштабу. Напрыклад, калі хатняя гаспадарка складаецца з аднаго чалавека, ён аплочвае камунальныя паслугі, яму патрэбная адна лядоўня, адзін тэлевізар і т.п. Прыкладна тыя самыя выдаткі на гэтыя тавары і паслугі патрэбныя гаспадарцы з двух чалавек, і адносна невялікае павялічэньне такога кшталту выдаткаў адбываецца ў большых хатніх гаспадарках. Выдаткі на дзяцей, хутчэй за ўсё, будуць меншымі, чым выдаткі на дарослых. Каб карэктна параўноўваць даходы розных хатніх гаспадарак, такія фактары трэба браць да ўвагі, дзеля чаго існуюць так званыя “параўнаўчыя шкалы” (англ. “equivalence scales”).
У Беларусі параўнаўчая шкала афіцыйна зацьвержаная пастановай Міністэрства статыстыкі і аналізу і грунтуецца на суадносінах пражытковых мінімумаў для насельніцтва ў розным веку (дзеці да трох год, дзеці ад чатырох да 16 год, дарослыя). Але такі падыход не ўлічвае аптымальных спажывецкіх паводзінаў, якія можна назіраць на падставе дадзеных Выбаркавага абследаваньня хатніх гаспадарак, якое ладзіць Нацыянальны статыстычны камітэт. Эканомію ад масштаба можна ацаніць, напрыклад, праз эканаметрычную ацэнку т.зв. “крывой Энгеля”, якая грунтуецца на дапушчэньні аб тым, што дзьве сям’і рознага складу маюць аднолькавы ўзровень дабрабыту, калі яны выдаткоўваюць на прадукты харчаваньня аднолькавую долю сваіх выдаткаў (у сярэднім на аднаго чальца хатняй гаспадаркі). Такі падыход распаўсюджаны ў сусьветнай практыцы, і у Беларусі ўпершыню ўжываўся для дадзеных за 1996 і 2003 гады (гл. Агабекова Н., Новоселова С. (2007). Статистическая оценка экономии совместного проживания для домашних хозяйств Республики Беларусь, Вопросы статистики, 3, 15-19), але не выкарыстоўваўся для ацэнак адноснай беднасьці.
Экспэрты Дасьледчага Цэнтру ІПМ і Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Кацярына Барнукова, Аляксандр Чубрык і Глеб Шымановіч у сваім дасьледаваньні “Ацэнка параўнаўчай шкалы для беларускіх хатніх гаспадарак і яе ўплыву на асобныя сацыяльна-ўразьлівыя групы насельніцтва” зрабілі ацэнку параўнаўчай шкалы на падставе дадзеных за 2010 год, ацанілі паказчыкі адноснай беднасьці для насельніцтва ўвогуле і для асобных уразьлівых груп, і параўналі гэтыя паказчыкі з разьлікамі на падставе афіцыйнай шкалы. Атрымалася, што абедзьве шкалы даюць падобныя паказчыкі адноснай беднасьці (12.1% насельніцтва для ацэненай шкалы і 13.3% насельніцтва для афіцыйнай шкалы), а вось рызыка патрапленьня за рысу беднасьці ў асобных уразьлівых групах моцна залежыць ад абранай параўнаўчай шкалы.
Па-першае, узровень беднасьці сярод дзяцей па ацэненай аўтарамі шкале істотна ніжэйшы за аналагічны паказчык, разьлічаны з выкарыстаньнем афіцыйнай шкалы (15.5 супраць 21.7%).
Па-другое, людзі, старэйшыя за 65 год, маюць паводле ацэненай шкалы істотна большую рызыку патрапіць за рысу беднасьці, чым паводле афіцыйнай (16.1% і 9.8% адпаведна), тым часам як абсалютная беднасьць для гэтай групы складала ў 2010 годзе адно 0.5%!
Па-трэцяе, рызыка беднасьці для самотных людзей вышэйшая за сярэднюю – ці тое гэта пэнсіянэры, ці тое самотныя бацькі, ці проста самотныя людзі працаздольнага веку. Асабліва гэта важна відаць ў выпадку самотных пэнсіянэраў, узровень адноснай беднасьці сярод якіх паводле ацэненай шкалы складаў 23.8%, а паводле афіцыйнай – адно 9.7%. Відаць, што сыстэма сацыяльнай абароны недаацэньвае дабрабыт дадзенай групы, якая асабліва ўразьлівая да шокаў кшталту падвышэньня цэнаў на камунальныя паслугі, лекі і да т.п.
Відавочна, што як адрозьненьні ў агульнай ацэнцы беднасьці (5.2% абсалютная і 12.1% адносная), так і разыходжаньні ў ацэнках рызыкі беднасьці для асобных сацыяльных груп занадта вялікія, каб іх ігнараваць. Аўтары прапаноўваюць выкарыстоўваць іх шкалу і ацэньваць адносную беднасьць у дадатак да афіцыйных разьлікаў абсалютнай беднасьці, а таксама ўдакладняць склад уразьлівых груп для падвышэньня адраснасьці сацыяльнай дапамогі.
Аляксандр Чубрык
|
|
|
|
|