Исследовательский Центр ИПМ
Kasrtyčnicki Ekanamičny Forum

З Раством Хрыстовым і Новым годам, сябры!

Наперадзе цудоўныя святы, якiя вяртаюць нас у дзяцiнства i дораць надзею. Ялiнка робiцца зорным небам, добрая кнiжка - адкрытым сусветам, а котка пачынае вуркатаць калядныя калыханкi. Стары год раптам робiцца някепскiм цi нават добрым, а новы год - «дай Бог, каб ня горшым». Цi ж гэта ня цуд, што мы, хай нават не надоўга, робiмся проста людзьмi без пасад i званняў, роўнымi перад тым iмгненнем, за якое жыццё пачынае новае кола?

З Раством Хрыстовым, з Новым годам, сябры! Дай вам Божа здароўя i плёну ў вашых добрых справах.

Лепшае, што з намі здарылася ў 2018 годзе:

KEF-2018

Новы ўрад дадаў цiкавасцi да Кастрычнiцкага эканамiчнага форуму - у канферэнцыі KEF-2018 "Беларусь у новым дзівосным свеце" 5-6 лістапада 2018 г. ўдзельнiчалi блiзу 700 чалавек.
KEF стаўся ўвасабленнем аптымiзму арганiзатараў - ужо шэсць год цiкаўныя беларусы i замежныя госцi збiралiся, каб пачуць адказ на пытанне «цi будуць рэформы?» Рэформы тым часам пацiху iшлi, прыватны сектар рос i рос, i раптам апынулася, што жыхары Беларусi - гэта хутчэй прыхiльнiкi рынкавай, а не планавай эканомiкi. А ў суседзяў усё наадварот. Таму хавацца ад рэформаў ня будзем, а проста паглядзiм пад ялiнку дыскусii з KEF-2018, пагартаем слайды прэзентацый, пачытаем, што пра гэта пiсалi СМI цi проста ўзгадаем Даследчы цэнтр IПМ i нашых партнёраў добрым словам.

Вiка Смаленская

Сёлета да нас далучылася Вiка Смаленская. Яна трошкi старэйшая за Даследчы цэнтр (яшчэ вучыцца ва ўнiверсiтэце) i таму дае нам надзею, што нашая праца i iдэi цiкавыя «тым, хто будзе лепшым за нас».
Вiка дасцiпная, таленавiтая i сцiплая - сапраўдны даследчык. I сертыфiкаваны спецыялiст па тэхнiцы рэпертуарных кратаў. Пад ялiнкай можна пачытаць матчастку цi проста парадавацца за Вiку i за нас.

KEF у рэгіёнах

Мы шчыра рады, што запачаткаваная намi пазалетась традыцыя рэгiянальных KEFаў спрычынiлася да абвяшчэння 2018-га (i наступных двух гадоў) «годам малой радзiмы». Неверагодна плённыя i цiкавыя канферэнцыi адбылiся ў вераснi ў кожным абласным цэнтры. Цяпер у кожным з iх ў нас ёсць па два партнёры (рэгiянальны офiс Бiзнес-школы IПМ i мясцовая недзяржаўная арганiзацыя), а таксама моцная падтрымка з боку НДЭI Мiнiстэрства эканомiкi. I шмат страшэнна цiкавых i цiкаўных да новага людзей, якiя ўдзельнiчалi ў нашых рэгiянальных KEFах.
Каб ня "страцiць святое штосцi", пад ялiнку можна папрактыкавацца ў напiсаннi назваў беларускiх гарадоў лацiнкай цi падумаць над тым, як за два застаўшыхся гады малой радзiмы не сплюндраваць тое, што ад яе засталося. У гэтым месцы можна папрасiць у Дзеда Мароза (св. Мiкалая, Санты i да т.п.) добры слоўнiк роднай мовы - спатрэбiцца ж!

Даследаванні

Усцешылi нас вынiкi даследавання малога i сярэдняга бiзнесу - нарэшце прыватны сектар перастаў баяцца дэвальвацыi i задумаўся над тым, што справядлiвая канкурэнцыя i вяршэнства закону патрэбныя для яго развiцця ня менш за нiзкую арэндную плату. Ад такiх «падказак» ураду з боку бiзнесу ёсць плён, таму мы i цешымся, а за добрыя вынiкi можна падняць келiх каля ялiнкi.
Засмуцiлi вынiкi даследавання становiшча сямей з дзецьмi. Апынулася, што большасць вясковых жанчын ня мае магчымасцi зарабiць больш грошай, чым дзяржава дае ў якасцi дапамогi па догляду за дзiцём, таму нараджальнасць у вёсцы iстотна вырасла. Калi б жанчыны, што нарадзiлi трох, чатырох i больш дзяцей, маглi разлiчваць на годны заробак пасля выхаду з дэкрэтаў, то гэтаму можна было б толькi парадавацца. Але годнай працы на вёсцы страшэнна мала, таму не замоўчваем праблему, а спрабуем рашыць яе нават пад ялiнкай...
Уразiлi нас вынiкi даследавання каштоўнасцяў насельнiцтва. Настолькi, што канчатковая справаздача яшчэ не падрыхтаваная (але мы над гэтым працуем). Ялiнку можна ўпрыгожыць iнфаграфiкай, пафарбаваць святочнымi колерамi таблiцы ў «лiнейках» цi паваражыць на вынiках леташняга даследавання «Вучаць у школе: як, чаму i навошта».

Шмат добрых рэчаў адбылося, а калi вы дачыталi дасюль, то гэта таксама найлепшае, што з намi здарылася ў 2018-м! Дзякуй за тое, што вы з намi - гэта вялiкая адказнасць i гонар для нас.

З павагай,
каманда Даследчага цэнтру ІПМ